|
15 снежня а 15.00 JuBIC сумесна з Беларускім Домам правоў чалавека запрашае на Latako 3, Вільня, на першы паказ дакументальнага нарысу "Памежжа" (BorderLand). Фільм прысвечаны "візавай" заслоне, якая балюча адбіваецца на лёсах людзей, раздзяляе сем'і, разбурае гаспадарку, міжчалавечыя і міжкультурныя кантакты. Гэта як нідзе відавочна праяўляецца ў беларуска-літоўскім памежжы, уздоўж мяжы, якой яшчэ нядаўна не было - ніколі не было.  На прагляд запрашаюцца прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, СМІ, літоўскага МЗС, дыпламатычнага корпусу, у тым ліку амбасадар Беларусі Ўладзімір Дражын, а таксама ўсе цікаўныя. Фільм "Памежжа" ("BorderLand") створаны ў Літве актывістамі арганізацыі JuBIC (Аб'яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў) сумесна з журналістамі тэлеканалу БелСАТ. Гэта фільм аб беларуска-шэнгенскай мяжы паміж Літвой і Беларуссю. Новая мяжа прайшла праз шматкультурны, шматмоўны і шматпакутны Віленскі край, слынны сваімі традыцыямі адкрытасці і талерантнасці. Чаго вартая адна толькі капліца у вёсцы Ракі з двума алтарамі - каталіцкім і праваслаўным! Якая сітуацыя склалася на ўсходняй мяжы Літвы, што праходзіць паміж вольнай аб'яднанай Еўропай і пакуль яшчэ аўтарытарнай Беларуссю? Аповеды жыхароў памежжа і выпускніцы ЕГУ, з якімі цяжкасцямі даводзіцца сутыкацца, каб рэалізаваць сваё права на свабоду руху, наглядныя прыклады з падзеленай вёскі на мяжы Віленшчыны і Гарадзеншчыны, экспертныя і афіцыйныя каментары дазваляюць кожнаму зрабіць уласныя высновы. Пасля прагляду -- дыскусія з удзелам яго стваральнікаў і гасцей, каму такая сітуацыя на карысць, ці спрыяе яна прасоўванню дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека, што робіцца не так у віленскіх і брусельскіх кабінетах. Мовы фільма і дыскусіі - ангельская / беларуская (субтытры/пераклад). Працягласць - 23 хв. (фільм) + дыскусія (да 1 гадз.) Ён адрасаваны шырокай грамадскасці, у першую чаргу - Еўрапейскага звязу, якая зацікаўленая тэмай "супрацоўніцтва ў імя развіцця" і адкрытасці блоку да свету, да суседзяў. Фільм падтрымала Міністэрства замежных спраў Літвы і канал БелСАТ.
|