|
На маючых адбыцца датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах у суседняй краіне - дэсант беларускіх, літоўскіх і шведскіх маладых назіральнікаў. Група з больш як 30 чалавек, пераважна актывістаў беларускіх НГА і студэнтаў ЕГУ, наведае Варшаву, Беласток і іншыя мясціны Польшчы з мэтай ацаніць якасць працэсу галасавання і падліку галасоў. "Яшчэ ўзімку мы сачылі за ходам выбараў прэзідэнта ва Украіне. Цікава будзе параўнаць, наколькі якасна аналагічныя працэдуры арганізуюцца ў суседняй краіне, якая ўваходзіць у склад Еўразвязу, паглядзець, як людзі ставяцца да сваіх дэмакратычных правоў і абавязкаў," - гаворыць дырэктарка праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" Мар'яна Ільна, старшыня Аб'яднанага цэнтра беларускіх ініцыятыў (JuBIC). Удзельнікі прайшлі інтэнсіўны падрыхтоўчы курс з удзелам беларускіх, нарвежскіх і літоўскіх экспертаў па выбарах. Па прыездзе ў Варшаву ў пятніцу прадстаўнік польскага Выбарчага бюро прачытае ім лекцыі па выбарчым заканадаўстве Польшчы і па палітычнай сітуацыі ў краіне. Выбары пасля трагедыі Кіраўнікі і ўдзельнікі праекту зазначаюць, што становішча ў Польшчы - спецыфічная. "Пасля гібелі прэзідэнта, мяркуем, Польшча ўсё яшчэ знаходзіцца ў стане шоку. Мы пастараемся паводзіць сябе максімальна карэктна і спачувальна, улічваць тое, што галасаванне можа быць досыць эмацыйнае, выбаршчыкі таксама", - гаворыць удзельнік місіі, палітолаг Вадзім Вілейта.  З яго словаў, узор Польшчы можа быць надзвычай карысны для маладых беларусаў - як узор краіны, што перажыла магутнае ўзрушэнне і нечакана страціла прэзідэнта, але пры гэтым захавала стабільнасць і павагу да дэмакратыі, а цяпер з гонарам выходзіць з шокавага стану. "Гэта паказвае, што прэзідэнт тут - гэта не ўся краіна. Галоўнае - адладжаная сістэма дэмакратычных працэдур і каштоўнасцяў, якая функцыянуе незалежна ад персаналіяў. У гэтым заслуга ўсіх ранейшых прэзідэнтаў і таксама нябожчыка Леха Качынскага, якія не павялі Польшчу да аўтарытарызму", - кажа В.Вілейта. Ён мяркуе, вынікі і ход выбараў пакажуць, наколькі Польшча акрыяла ад трагедыі і гатовая вярнуцца да звыклага стану рэчаў. Польшча - нечаканы аб'ект У дзень выбараў удзельнікі падзеляцца на 10 груп, кожная з якіх наведае прыблізна па 10 участкаў у Беластоку і іншых мясцінах усходняй Польшчы. Назіральнікі праекту маюць афіцыйную акрэдытацыю пры Выбарчым бюро. У панядзелак у Беластоку яны зладзяць прэсавую канферэнцыю, у якой ацэняць празрыстасць і справядлівасць выбарчага працэсу. У рамках праекту "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" ўжо адбыўся шэраг іншых місіяў - у Грузію, Літву, Нарвегію і інш. Увесну ўдзельнікі назіралі за ходам галасавання на т.зв. "мясцовых выбарах" у Беларусі. Удзельнікі цяперашняга набору ўзімку працавалі на прэзідэнцкіх выбарах у Львове, Данецку, Адэсе і Кіеве. "Мы не планавалі ехаць у Польшчу, бо выбары тут мусілі адбыцца толькі ўвосень. Але здарылася няшчасце, і палякам давядзецца ісці да скрыняў датэрмінова. Таму Польшча для нашага праекту - нечаканы аб'ект назірання", - гаворыць старшыня JuBIC М.Ільіна. *** Праект "Назіранне за выбарамі: тэорыя і практыка" супольна ажыццяўляецца Аб'яднаным цэнтрам беларускіх ініцыятываў (JuBIC), Шведскім міжнародным ліберальным цэнтрам (Silc), Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам (ЕГУ) і Беларускім Домам правоў чалавека ў Вільні (ДПЧ). Акадэмічны курс падрыхтоўкі назіральнікаў прапануецца як курс па выбары акадэмічнай праграмы ЕГУ і будзе адлюстраваны ў бакалаўрскім дыпломе студэнтаў. У Беластоку дапамогу ў арганізацыі праекту аказвае мясцовы Цэнтр грамадзянскай адукацыі "Польшча - Беларусь" і Радыё Рацыя.
|